СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл. Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйная вытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.
У.Г.Залатагораў.
т. 14, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)